Церашковіч: «Увага Лукашэнкі да адукацыі мяняецца ў адпаведнасці з узростам яго сына Мікалая»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў заяву Лукашэнкі адносна вышэйшай адукацыі ў Беларусі: на думку правіцеля, нам не патрэбна Балонская сістэма адукацыі і магістратура.

— Гэтая сістэма выклікае раздражненне ў Лукашэнкі, бо яна непадобная на тую, у якой вучыўся ён сам. Тады не было бакалаўрыяту, магістратуры і г.д. Ён думае, што гэта нейкая страшная задумка Захаду, каб забраць нашыя розумы і г.д, — кажа Павел Церашковіч у эфіры Еўрарадыё. — На самой справе бакалаўрэат і магістратура — гэта ўніверсальныя ступені адукацыі.

Павел Церашковіч

— Я б сказаў, што ўвага Лукашэнкі да адукацыі мяняецца ў адпаведнасці з узростам яго сына Мікалая. У свой час я казаў, што ўсе спробы рэфармаваць беларускую сістэму адукацыі скончацца, калі Коля скончыць сваю адукацыю.

Пры гэтым адзначу, што магістратура не першы раз раздражняе Лукашэнку. Першыя спробы яе згарнуць былі яшчэ ў 2017-2018 гадах, калі магістрантам перасталі даваць адтэрміноўку ад войска. Гэта быў моцны ўдар па магістратуры — шмат хто са студэнтаў-хлопцаў перасталі паступаць.

Дарадца Ціханоўскай лічыць, што магістратура ў Беларусі будзе скарачацца.

— Але я бачу, што міністр адукацыі ўсё ж такі адстойвае, каб магістратура захавалася. І ёсць падстава для гэтага: на магістратуры каля 60% студэнтаў — замежнікі. Гэтую рыторыку падхапіў і сам Лукашэнка: маўляў, раз грошы плоцяць — ну, хай будзе для замежнікаў.  Пры гэтым для беларусаў будзе скарачацца.

Ёсць зачэпка, што магістратура — гэта падрыхтоўка для навуковай і выкладчыцкай дзейнасці і на гэтым усё. Але гэта памылка — па ўсім свеце гэта не толькі так. Шмат у якіх краінах, каб заняць службовую пасаду ў дзяржаўнай адміністрацыі, трэба мець ступень магістра. А ў Беларусі, хутчэй за усё, звядуць да таго, што там будуць вучыцца лічаныя адзінкі грамадзян Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(2)