Іспанія прызнае пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў

Гэта стала вынікам дамоўленасцяў Офіса Святланы Ціханоўскай з уладамі Іспаніі.

Апублікаваная інструкцыя, згодна з якой пашпарты грамадзян Беларусі, што знаходзяцца ў Іспаніі, будуць прызнавацца сапраўднымі нават пасля заканчэння тэрміну дзеяння — без неабходнасці атрымання cédula de inscripción, паведамляе тэлеграм-канал лідаркі дэмсіл.

Летась 20 чэрвеня Святлана Ціханоўская дамовілася пра гэта з міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарэсам, дамоўленасці былі фіналізаваныя ў студзені 2026-га пры падтрымцы іншых міністэрстваў.

Падчас візіту ў Мадрыд дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі 18 студзеня правёў сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных справаў Іспаніі Дыега Марцінасам Беліа.

Дыега Марцінас Беліа і Дзяніс Кучынскі. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— Я адмыслова прыляцеў у Мадрыд, каб правесці сустрэчу на высокім узроўні з першым намеснікам Міністра замежных справаў Іспаніі, — распавёў Дзяніс Кучынскі, — Нашая размова доўжылася амаль тры гадзіны — і гэта паказвае, наколькі сур’ёзна іспанскі бок ставіцца да супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі, а таксама да праблемаў беларусаў.

Мы дамовіліся пра канкрэтныя наступныя крокі па магчымасцям падтрымкі беларусаў, якія жывуць у Іспаніі. Дыега Марцінас запэўніў, што Міністэрства замежных справаў і надалей будзе дапамагаць у прасоўванні і вырашэнні гэтых пытанняў разам з іншымі дзяржаўнымі органамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)