Калектыўны ГУБАЗІК сёння кіруе краінай

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў на Радыё Рацыя – пра тое, што на сёння памяркоўныя, прагматычныя, прабеларускія людзі ва ўладзе (калі дапусціць, што яны там ёсць) пацярпелі паразу.

– Час ад часу ў прэсе з’яўляецца інфармацыя, што той ці іншы прыхільнік Лукашэнкі ці прынамсі чалавек, які ні ў якім разе не зʼяўляецца апазіцыянерам, трапіў пад крымінальную справу за палітыку, – піша Цыганкоў. – Быў асуджаны за каменты, за лайкі альбо за спасылкі ў інтэрнэце.

І гэта дастаткова паказальна, бо такія людзі напэўна думалі, што паколькі яны публічна выказаліся за ўладу і за Лукашэнку, то ў іх ёсць алібі. Тое ж самае думалі і некаторыя прадстаўнікі так званага шоў-бізнеса, умоўныя сёстры Груздзевы, якія былі ўпэўненыя, што за падтрымку ў 2020-м годзе Лукашэнкі ім цяпер будуць адчыненыя ўсе дзверы і канцэртныя пляцоўкі.

Ці гурт «Дразды», які атрымаў забарону на выступы ў Менску і абласных гарадах. Ім, напэўна, хочацца, як таму сабачку з анекдота, спытаць «за что?»

А ні за што. А проста таму, што ў краіне дыктатура, а ў яе свае законы. Калі паспрабаваць вызначыць, якая частка ці якая група ва ўладзе сёння кіруе Беларуссю, то гэта сілавікі. Калектыўны ГУБАЗІК сёння кіруе краінай.

Калі раней, скажам, быў баланс інтарэсаў паміж наменклатурай эканамічнай, чыноўнікамі сацыяльнага блока, ці тымі ж дыпламатамі з МЗС, які пры міністры Уладзіміры Макеі маглі спыняць сілавікоў у нейкіх пытаннях – то цяпер такога балансу няма.

Усё дыктуюць сілавікі пры падтрымцы абслугі сярод прапагандыстаў, якія адчулі, куды вецер дзьме і цалкам прынялі бок сілавікоў. На сёння памяркоўныя, прагматычныя, прабеларускія людзі ва ўладзе (калі дапусціць, што яны там ёсць) пацярпелі паразу – іхнія галасы альбо не чуваць, альбо яны проста баяцца нешта выказаць.

Паказальная сітуацыя, калі прарасейскай даносчыцы Бондаравай, якая нападае на беларускую мову і саму беларускую дзяржаўнасць, пярэчылі некаторыя мясцовыя чыноўнікі, – але ў выніку ніхто ня здольны яе спыніць, як і расейскую актывістку Мірсаналіеву ў Віцебску.

Яны дазваляюць сабе што заўгодна, маючы за сваёй спінай расейскую амбасаду і арганізацыю Россотрудничество. А тэлеграм-каналы лукашэнкаўскіх сілавікоў нічым не адрозніваюцца ад расейскіх шавіністычных аналагаў.

І гэтыя прарасейскія сілавікі і актывісткі, якія змагаюцца з усім хоць у нейкай ступені беларускім, нават з тым, што калісьці ўваходзіла ў школьную праграму – безумоўна, ніякім чынам не хочуць, каб такая сітуацыя змянілася. Таму і выступаюць супраць любога нават намёку на шматвектарнасць, адлігу і лібералізацыю.