Кавалкін: «Далучаць стратнае да прыбытковага, зробяць нешта сярэдняе, туды-сюды паганяюць і так яно і застанецца»

Эканаміст — пра тое, як беларускія ўлады «ратуюць прадпрыемствы» і чаму не атрымліваецца ані развіваць вытворчасць, ані вырашыць кадравы голад.

Прапаганда ў Беларусі пачала гаварыць пра тое, што час зачыняць стратныя  прадпрыемствы. Але ж менавіта рэжым Лукашэнка шмат год ганарыўся тым, што «захаваў працоўныя месцы». Што адбываецца: ці гэта прамацванне глебы, ці спробы ўратаваць айчынную эканоміку?

— Звычайна яны нічога не зачыняюць, а далучаюць стратнае да прыбытковага, — нагадвае традыцыйныя схемы рэжыму эканаміст Уладзімір Кавалкін у эфіры Еўрарадыё. — Чаму так адбываецца? Таму, што гэта пытанне не эканамічнае, а палітычнае.

Каб кантраляваць уладу, трэба кантраляваць чалавека. Рабіць гэта праз працу — адзін з самых эфектыўных спосабаў. Галасуй як трэба, паводзь сябе як трэба — і будзеш мець працу. Можа не шмат заробіш, але будзе што пад’есці і як жыць. Будзеш сябе паводзіць неяк іначай — выдадзім табе «воўчы білет», пасадзім цябе на адміністратыўку, дадамо ва ўсякія базы даных і зруйнуем тваё жыццё.

То бок, праз стварэнне гэтых умоў адбываецца кантроль над грамадствам. Таму зачыняць нешта — рацыянальна яны таго, можа быць, і хацелі б, але з гледзішча ўлады гэта цалкам не апраўдна. І замест закрыцця стратных прадпрыемстваў, хутчэй за ўсё, зробяць, як заўжды — далучаць стратнае да прыбытковага, зробяць нешта сярэдняе, туды-сюды паганяюць і так яно і застанецца.

Тэма кантролю над чалавекам значна больш важная для Лукашэнкі і рэжыму, чым тэма прыбытку. Чаму? Таму, што Лукашэнка ўжо багаты, і яго сям’я, і ўсе ягоныя гаманцы — яны закрылі ўсе свае патрэбы. А што тычыцца звычайнага чалавека — ім гэта не надта цікава, пакуль няма нейкага выбуху. Умоўна, голаду.

Ідэя закрыць дэфіцыт кадраў замежнымі працаўнікамі альбо прымусіць саміх беларусаў працаваць у тры разы болей не прывядзе да павышэння вытворчасці працы, лічыць эканаміст — бо ўкладвацца трэба ў новыя тэхналогіі і новы менеджмент, але ж ні тое, ні другое ва ўмовах санкцый і ручнога кіравання не выглядае магчымым.

Росту беспрацоўя, на думку Уладзіміра Кавалкіна, таксама хутчэй за ўсё не адбудзецца, нават калі ўлады скароцяць колькасць працоўных месцаў шляхам праз аб’яднанне прадпрыемстваў, згаданае вышэй:

— Частка людзей выходзіць на пенсію, замяніць іх складана — у нас дэмаграфічная яма, і ўлады гэта ведаюць. Таму нават калі прадпрыемствы будуць ліквідавацца — усё адно людзей дэфіцыт, і праз гэта беспрацоўя не будзе. Але не праз тое, што эканоміка развіваецца, а менавіта праз дэмаграфічную яму.