Не ведаю, як у Еўропе, але ў нас невідушчыя жывуць у сваім гета, жэняцца паміж сабой. Гэта такая тэндэнцыя з савецкага часу. Людзі сапраўды мала ведаюць пра нас, і стэрэатыпы з’яўляюцца не праз злы намер, а проста з няведання.
«Менск белы, а чаму ён белы, я не магу растлумачыць. Беларусь — памаранчавая»
Што ты ўяўляеш, калі чуеш слова «радасць»? А калі — «Менск»? Для героя інтэрв’ю ІншыЯ гэтыя словы маюць канкрэтны колер — ружовы і белы адпаведна. Юрый Брыцько— сінестэт: чалавек, які адчувае колеры ў словах, акордах і ў імёнах. А яшчэ ён — музыкант, вулічны артыст, невідушчы студэнт у эміграцыі і прыхільнік беларушчыны.
Пра сінестэзію і каляровыя словы
ДАВЕДКА
Сінестэзія — гэта асаблівасць працы мозгу, калі адзін тып успрымання (напрыклад, гук) аўтаматычна выклікае іншы (напрыклад, колер, смак ці дотык). У сінестэта_к літары могуць мець колер, а гукі — форму ці смак.
Гэта не хвароба, а рэдкая нейраасаблівасць, якая сустракаецца прыкладна ў 2-4% людзей. Формаў сінестэзіі шмат, і ў кожна_й яна праяўляецца па-свойму.
У Юрыя сінестэзія была з ім столькі, колькі ён сябе памятае — верагодна, пачала фарміравацца праз адсутнасць зроку: калі ён чуў новае слова, але не мог убачыць вачыма тое, што яно азначае, яно «запісвалася» ў памяці праз колер.
«Сінестэзія была са мной усё жыццё, колькі я сябе памятаю»
— Мне падсвечваліся колерам імёны людзей, назвы гарадоў. Я звыкся, што ў мяне словы — каляровыя. У дзяцінстве я называў гэта гульнёй і казаў: давайце пагуляем — вы называеце імя, а я кажу, якога яно колеру.
Пэўны час я лічыў, што так ва ўсіх людзей. Свядома я зразумеў, што гэта за з’ява, толькі ў 18 гадоў, то бок зусім нядаўна, гадоў 5-6 таму. Я трапіў на апісанне сінестэзіі ў інтэрнэце, потым пачаў капаць пра гэта глыбей і зразумеў, што з’яўляюся сінестэтам.
У мяне моўна-каляровая сінестэзія, у якой колер звязаны са словамі і літарамі слова. Некаторыя словы я бачу аднатоннымі, як, напрыклад, «радасць» — яна ружовая цалкам. Некаторыя словы могуць афарбоўвацца па літарах, дзе ў кожнай з іх свой колер.
Аднак у мяне няма адзінай сістэмы, як гэта працуе, і няма дакладнай карэляцыі паміж назвай і колерам. Напрыклад, у мяне Менск белы, а чаму ён белы, я не магу растлумачыць. Беларусь — памаранчавая. Літва таксама мае падобны колер. Толькі яна больш у чырвоным адценні, а Беларусь бліжэй да карычневага — але і на гэта ў мяне няма рацыянальнага тлумачэння.
А яшчэ прывяду прыклад пра імёны. У поўнай формы імя могуць быць адны колеры, а ў скарочаных формах іншыя. Згодна з маёй сінестэзіяй, усе формы майго імя ўтвараюць літоўскі сцяг.
«Паціху мая сінестэзія сыходзіць»
— Я ўсё яшчэ бачу колеры, але ў дзяцінстве яны былі больш яркімі. Цяпер яна прытупілася, адышла на другі план. Зараз у новых для мяне словах колер больш не фіксуецца.
Можа, крыху прыцягнута за вушы, але асабліва яркім для мяне было імя дзяўчыны Валерыі , у якую я калісьці быў трошкі закаханы. Яно ў мяне было ружовым. Але і да яе для мяне гэтае імя мела такі колер.
Бывае, што колеры слоў могуць адрознівацца ў залежнасці ад мовы. Ёсць беларускія і расейскія словы, дзе ў мяне абсалютнае разыходжанне па колерах. Напрыклад, «выдвижной ящик» мяне чырвоны, а «шуфлядка» памаранчавая.
Цікава, што ў мяне і лацінка, і кірыліца аднаго колеру — у мяне няма навыкаў пісання па-ангельску, таму лацінскія літары па колеры супадаюць з кірылічнымі.
Гэта звязана з тым, што я вучыўся па Брайлю, і ў мяне ўсе веды засталіся на ўзроўні друкаваных кірылічных літар, для якіх у мяне ёсць пэўны набор колераў. Брайлеўская кірыліца пайшла ад брайлеўскай лацінкі, якую я амаль што не ведаю. Мае асацыяцыі з ёй заснаваныя на гуках, якія я чую. Калі я вымаўляю ангельскае слова «time», то я б і пісаў кірылічнымі літарамі «Т-А-Й-М».
Сінестэзія — гэта проста дадатак да жыцця. Я мяркую, што яна ў мяне пачала развівацца праз адсутнасць зроку, але гэта нельга назваць яго заменай. Калі я чуў новае слова ў дзяцінстве, але не мог яго пабачыць вачыма, то, напэўна, яно фіксавалася ў маёй галаве пэўным колерам.
Ёсць людзі, у якіх рэчы адчуваюцца зусім інакш. Я знаёмы з чалавекам, у якога сінестэзія працуе з дотыкам і пахамі. Ён казаў, што ў яго ноч мае канкрэтны пах, канкрэтную форму і канкрэтны смак.
Адным з самых вядомых сінестэтаў быў мастак Кандзінскі. Ён бачыў гукі і чуў колеры: чырвоны колер у яго гучаў як скрыпка, а жоўты — як труба. На аснове карціны мастака «Жоўтае-чырвонае-сіняе» Google зрабіў эмулятар феномену сінестэзіі Play a Kandinsky. Цяпер тыя, хто не мае сінестэзіі, могуць таксама паспрабаваць «пабачыць гук» і пагуляць на колерах. Паспрабуй!
Пра жыццё са слабым зрокам
У Юрыя генетычнае захворванне — мутацыя гена PAX6 (спадчыннае парушэнне, якое ўплывае на развіццё зроку і часта прыводзіць да частковай або яго поўнай страты).
Гэтая асаблівасць перадалася яму з нараджэннем ад бацькі, а таму — ад яго бацькоў. У Юрыя ёсць яшчэ тры браты і сястра — мутацыя гена РАХ6 дыягнаставаная ў яго і яго сястры Касіі. У мамы, відушчай з нараджэння, і трох яго братоў зрок у парадку.
— У левым у мяне цяпер стаіць шкляное вока, пратэз. А ў правым адсутнічае ірыс (гэта круглая каляровая частка вока, якая знаходзіцца каля зрэнкі і адказвае за тое, колькі святла трапляе ў вока). Гэта называецца анарыдыя (прыроджаная адсутнасць абалонкі вока).
Таксама ў мяне назіраецца ністагм, калі вока нестабільнае і ўвесь час трошкі падрыгвае. Правым вокам я бачу толькі колер, буйныя сілуэты і святло.
Я быў мала сацыялізаваным дзіцём, што моцна адбілася на маім жыцці. Да 16 гадоў і паступлення ў каледж я мала бываў у свеце і не навучыўся правільным стасункам. Я размаўляў толькі з тымі, хто бываў у нас у гасцях: з сябр_оўкамі і свая_чкамі. Я не да канца ведаю, як жывуць і размаўляюць звычайныя людзі, што выклікае пэўныя цяжкасці. У мяне мала знаёмых і я няшмат хаджу на нейкія актыўнасці.
Да 16 гадоў у мяне быў кнопкавы тэлефон, дзе не было інтэрнэту. Са знешнім светам я ўзаемадзейнічаў праз радыё. Калі ў мяне з’явіўся доступ да інтэрнэту і я паехаў вучыцца ў гомельскі каледж, я дарваўся да анлайн-стасункаў і накіраваў сваю энергію ў гэтае рэчышча. Таму ў мяне шмат знаёмых у анлайне, але няшмат сябро_вак у рэальным жыцці.
«Мы, невідушчыя, досыць закрытая група»
— Так атрымліваецца, што мы самі хаваемся ад свету.
Напрыклад, самыя частыя апошнім часам пытанні: «Як ты карыстаешся тэлефонам?» ці «Што ты бачыш, а што не бачыш?». Ці, напрыклад: «Як ты гатуеш?»
Часам гэтыя пытанні крыху раздражняюць, бо думаеш: «Колькі разоў яшчэ я павінен адказаць на гэта?» Але апошнім часам я стаў ставіцца да іх спакойна, бо людзі розныя. Яны паміж сабой не размаўляюць і не абавязаныя ведаць адказы.
Пра захапленне музыкай
Сінестэзія і музыка часта звязаныя — асабліва ў тых, хто страціў зрок або нарадзіўся невідушчым. Калі візуальны канал недаступны, мозг шукае іншыя шляхі для апрацоўкі і «візуалізацыі» інфармацыі. У такім выпадку сінестэзія можа стаць своеасаблівым унутраным зрокам — замест вачэй працуюць гукі, колеры і асацыяцыі.
Музыка для такога чалавека — не толькі гук, але і форма, святло, рух, прастора. Так і ў Юрыя акорды падсвечваюцца колерамі, а словы песні могуць «загарацца» ў галаве, як колеравыя вобразы.
Калі я граю на гітары, у галаве падсвечваюцца акорды.
Гэта тыя творы, якія я настолькі добра адтачыў, што мне не трэба іх прыгадваць, а калі забыўся, то можна «падгрузіць» іх з галавы. Тады ўзнікаюць старыя, сфармаваныя ў дзяцінстве колеры і афарбаваныя ноты, акорды, тэкст песні.
Я скончыў Гомельскі музычны каледж і з’яўляюся настаўнікам баяна. Граць на гітары я навучыўся ў 13 гадоў. Хадзіў на гурток у Мазыры, вучыў песні, акорды. Гітара ў мяне на досыць добрым узроўні, але выключна як акампанемент пад свае і чужыя песні. Я гэта называю «прасунуты дваровы ўзровень».
З тэкстамі я ўвогуле мала сябрую. Аднак эміграцыя падштурхнула мяне да напісання. Раней я лічыў, што нібыта зусім не ўмею нічога пісаць і няма дзеля чаго спрабаваць.
«Пасля мы пачалі пісаць тэксты з татам»
— Тата навучыў мяне пісаць і распавёў прынцып стварэння добрага тэксту. Калі ты маеш ужо нейкі досвед у гэтым, то больш не канцэнтруешся на рыфмах, а ўжо думаеш пра сэнс песні. Цяпер пераважная большасць маіх твораў — гэта песні, напісаныя разам з бацькам. Ён добра валодае літаратурным словам.
У Юрыя ёсць уласны гурт — «Вячоркі», для якога ён піша песні і выконвае каверы:
— Цяпер у мяне каля 25 песень. Ёсць песні, якія з’яўляюцца беларускімі адаптацыямі — калі я з нуля прыдумаў тэкст і наклаў яго на мелодыю вядомай замежнай песні. Усе яны якраз напісаны з бацькам. Напрыклад, у мяне ёсць тэкст на ўсім беларусам вядомую песню, якая гучыць на ўтрыманні выкліку ў МТС, ад французскага спевака Джо Дасэна «Et si tu n’existais pas».
Другая група песень — вершы, пакладзеныя на маю музыку. Напрыклад, у мяне ёсць песня на беларускі пераклад верша Цвятаевай.
Ёсць некалькі песень, якія раней ужо існавалі, але я іх перарабіў. Напрыклад, усім вядомая песня «Алеся», з якой я зрабіў сваю версію, крыху змяніўшы куляшоўскі тэкст.
На дадзены момант у мяне толькі тры песні, дзе і мой тэкст, і мая музыка. Адна з іх пра хлопца-беларуса, які знаходзіцца ва ўкраінскім стэпе і спявае пра сваю апошнюю ноч. Другая песня нарадзілася дзесьці ў снежні 2024 года. Мне было так дрэнна на той момант, што гэтая песня проста вылілася з таго цяжкага стану. У яе я ўклаў свой боль і крык і напісаў тэкст на адным подыху.
Трэцяя песня прыйшла да мяне матывам, з якім доўга хадзіў. З бацькам мы намецілі структуру, дзе і колькі мусіць быць складоў і напісалі тэкст на музыку.
— Майму захапленню музыкай паспрыяў Гомельскі музычны каледж. Там у мяне быў цудоўны настаўнік, які навучыў мяне ўслухоўвацца ў музыку і паказаў, як правільна граць на баяне. Таксама каледж даў мне адпаведныя веды, каб я зразумеў, што я магу пісаць сам.
У музычнай школе ў мяне з’явіліся першыя кампазітарскія патугі. Не скажу, што ў мяне з музыкай нейкі раман, проста так складалася, што яна паступова ўваходзіла ў маё жыццё. Цяпер яна для мяне патэнцыйны заробак і інструмент для выказвання.
Цяпер я крыху падпрацоўваю вулічным музыкам. Толькі музыкай не пражывеш, але булку хлеба і пакет малака купіш. На нейкія справы мне хапае. Так, я крыху падсабраў за снежань, і вялікая доля гэтых грошай была выдаткаваная на паездку ў Берлін.
На вуліцы я больш граю на баяне, таму што ён для мяне зручнейшы, бо не трэба спяваць — можна проста граць мелодыі нейкіх адносна папулярных песень. Справа яшчэ ў тым, што ў мяне ўсё дрэнна з вывучэннем англамоўных песень — чытаць з экрана я не магу, таму ёсць патрэба трымаць тэкст у галаве.
Маё знаёмства з замежнай музыкай пачалося тады, калі ў мяне з’явіўся інтэрнэт. У майго бацькі да нядаўняга часу стаяў блок на замежную музыку, бо яму важна разуменне сэнсу тэксту. Ён пэўны час слухаў толькі рускую і беларускую музыку, але зараз ужо пачынае і штосьці замежнае ўключаць.
У нейкім сэнсе я магу з ім пагадзіцца, але ёсць песні, у якіх музыка проста неверагодная. Ёсць песня Лэдзі Гагі «Тэлефон», дзе тэкст гэта незразумела што, а музычна гэта проста шэдэўр.
Пра захапленне беларушчынай
Для Юрыя мова — не проста сродак камунікацыі, а частка яго асобы і пазіцыі. Беларушчына прыйшла ў яго жыццё дзякуючы радыё, а затым умацавалася праз літаратуру, песні і асабістае рашэнне. З цягам часу яна ператварылася ў каштоўнасць і форму супраціву. Пра гэта Юрый распавядае так:
— Калі мне было 14 гадоў, я перайшоў на беларускую мову. У мяне быў любімы канал «Культура» Беларускага радыё, дзякуючы якому я пачаў набліжацца да беларушчыны. А калі мне было 14 гадоў, я ўжо цалкам перайшоў на беларускую мову.
Тады мы з сям’ёй паехалі ў Полацк. У той вечар з намі ехала сяброўка нашай сям’і. І нешта я ёй заявіў, што з гэтага моманту пачынаю размаўляць па-беларуску. Спачатку я збіваўся вельмі шмат. Я і зараз збіваюся, але ўжо паменш. Няма чалавека, які ўсё жыццё гаварыў бы ідэальна.
Потым на гэтую глебу пачалі накладвацца беларускамоўныя песні і кнігі. Як я часам люблю важнічаць: я быў апазіцыянерам яшчэ да 2020 года, калі гэта стала мэйнстрымам. Цяпер я сябе ўсведамляю носьбітам і прапагандую размаўляць на беларускай мове. Сёння гэта адна з маіх сацыяльных роляў.
Пра эміграцыю ў Літву і адаптацыю ў новым асяроддзі
Юрый нарадзіўся і вырас у Мазыры, дзе жыў разам з сям’ёй. Пераезд у Літву стаў вымушаным крокам — з-за небяспекі і агульнай напружанасці, якая ўзмацнілася пасля пачатку вайны ва Украіне.
Выбар краіны эміграцыі быў у пэўным сэнсе выпадковым. У 2022 годзе Юрый скончыў каледж і падаў дакументы ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), каб вывучаць еўрапейскую спадчыну. Яго залічылі — і гэта стала штуршком пераехаць для ўсёй сям’і — каб быць побач з ім.
— Мы пераехалі з сям’ёй у Літву праз адпаведныя небяспекі і пагрозы. Асноўнай матывацыяй для маіх бацькоў стала тое, што я нейкім цудам «у выглядзе выключэння» паступіў у ЕГУ. Ужо трэці год, як мы тут.
Хадзіць чалавеку з парушэннем зроку ў Літве прасцей (у параўнанні з Беларуссю. — заўв.). Па-першае, паўсюль ёсць гучныя святлафоры. Па-другое, тут амаль паўсюль ёсць безбар’ернае асяроддзе. Па-трэцяе, заўсёды побач ёсць тыя самыя людзі-анёлы, якія ўбачаць, што ты топчашся на адным месцы, тыкаеш палкай і не ведаеш, куды ісці. Яны падыходзяць і абавязкова дапамагаюць.
З літоўскай мовай у мяне ёсць складанасці, бо я яе не вучу мэтанакіравана. Я яе слухаю і разумею, але адказаць яшчэ не магу. Напрыклад, нядаўна ў Каўнасе я размаўляў на міксаванай літоўскай мове і здолеў дамовіцца з большасцю людзей, якія прапаноўвалі дапамогу.
У 14 гадоў, калі пачалася мая беларусізацыя, у мяне быў міф пра цудоўную Вільню, нібы там лятаюць чароўныя Вітаўты на вясёлкавых канях. У эміграцыі ўжо спакайней да гэтага ставішся.
Мне падабаецца Вільня. Я паспеў ужо крыху яе абтаптаць. Яшчэ далёка не паўсюль быў, але ў старым горадзе прайшоў ужо амаль усе асноўныя маршруты.
Неяк ва ўніверсітэце я пачуў думку, што горад — гэта чалавек са сваім характарам, са сваім жыццём. Ты быццам бы знаёмішся з гэтым чалавекам кожны раз. Так для мяне і з Вільняй.
«У параўнанні з беларускім каледжам ЕГУ вельмі інклюзіўны ўніверсітэт»
— Я навучаюся ў ЕГУ на бакалаўрыяце на праграме «Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». Паколькі я «выгараў» праз эміграцыю, у мяне былі цяжкасці, каб закрыць апошнюю сесію.
Мне падабаецца культурны менеджмент, на якім нас вучаць выбудоўваць і пісаць праекты. Гэта вольны ўніверсітэт, дзе культура стаўлення выкладчыкаў да студэнтаў і наадварот значна больш ліберальная, чым у беларускім універсітэце. У мяне ёсць вопыт сярэдняй спецыяльнай беларускай адукацыі, і гэта зусім іншае.
У параўнанні з беларускім каледжам ЕГУ вельмі інклюзіўны ўніверсітэт. У каледжы да мяне ставіліся, нібыта я нейкі дзіўны, хоць бліжэй да выпуску ўжо сталі ўспрымаць прасцей. Аднак механізмы працы са мной не былі ніяк прадуманыя.
З кожн_ай выкладчы_цай даводзілася іх распрацоўваць нанава. Не магу сказаць, што ў ЕГУ са мной распрацоўваюць нейкія асаблівыя інструменты працы, але як мінімум гэты ўніверсітэт адкрыты да ўзаемадзеяння з невідушч_ай студэнт_кай. Сама ліберальная атмасфера ўніверсітэта спрыяе інклюзіўнасці.
Большая частка працы ў ЕГУ звязаная з напісаннем розных дакументаў, а я не сябрую з камп’ютарам і не ўмею нармальна працаваць у Word. Мне могуць яго адкрыць і я буду штосьці пісаць, аднак змяніць шрыфт, напрыклад, не змагу. Менавіта таму ўсе свае ўніверсітэцкія працы я пішу на тэлефоне.
Стаўленне з боку аднакурсні_ц да мяне таксама спакойнае. Усё роўна я адчуваю, што не зусім прыняты, але і я сам не імкнуся ўключацца ў актыўнае сацыяльнае жыццё.
Зараз я мала думаю пра будучыню. Я сутыкнуўся з творчым выгараннем і стомленасцю, праз што мае эмоцыі выклікаюць думкі пра вяртанне ў Беларусь. У эміграцыі мне складана і нічога не атрымліваецца. А дадому хочацца, бо там нібыта можна легчы на канапу, скласці лапкі і нічога не рабіць. Усе мае мары крышачку разбіліся аб эміграцыю і маё творчае выгаранне. Цяпер у мяне ёсць падлеткавае неразуменне, хто я і што хачу рабіць.
Калі я паступаў ва ўніверсітэт, то казаў, што хачу заснаваць сваю радыёстанцыю. Зараз я ў гэтым ужо не ўпэўнены, але як мара гэтая думка засталася.
Журналістыка і радыё — гэта мая даўняя цікавасць, яшчэ з падлеткавага ўзросту. Я спрабаваў браць дылетанцкія інтэрв’ю, выхоўваўся на фармаце радыёспектакляў — гэта для мяне вельмі важны досвед.
Цяпер мяне натхняе перадача Леаніда Парфёнава «Намедни» на YouTube, дзе ён расказвае пра падзеі пэўнага года і звязвае іх з агульным кантэкстам. Мне цяжка знайсці цікавы кантэнт, і таму я захоплена пераглядаю гэты канал. Натхнёны гэтым фарматам, я сам хацеў бы рабіць нешта падобнае пра Беларусь.
Я працягваю цікавіцца музыкай. Хацелася б пісаць беларускія песні і развівацца ў гэтай сферы. Таксама мне падабаецца вадзіць аўдыяэкскурсіі — запісваць падкасты і расказваць людзям пра розныя месцы нейкага пэўнага горада. Гэта тое, у чым я таксама хацеў бы сябе рэалізаваць. Я дакладна бачу сябе ў культурнай сферы. З улікам гэтага мая бліжэйшая і самая вялікая мэта цяпер — атрымаць дыплом, каб мець магчымасць рухацца далей.
Яшчэ я цікаўлюся наладжваннем фартэпіяна. У Беларусі мой невідушчы знаёмы зрабіў для мяне майстар-клас, падарыў ключ для наладкі, і я падумаў, што хачу гэтаму навучыцца. Магчыма, знайду нейкія курсы і змагу працаваць у гэтым кірунку.
Нядаўна быў на дэгустацыі крафтавага піва ў Вільні і падумаў: вось стану старым, пераеду ў дом за горадам і буду варыць піва. І хай сабе будзе інтэрнэт, але — цішыня, лес, спакой. Магчыма, гэта не такая ўжо і дрэнная перспектыва.
Читайте еще
Избранное