Нашы пуцяводныя зоркі – Свабода, Справядлівасць, Мір і Дабрабыт

2025-ты прынёс беларусам шмат выпрабаванняў. Добрая навіна ў тым, што мы выстаялі. Заплаціўшы немалую цану. Але выстаялі.

Хацелася б у гэтыя дні сказаць, што жаданы світанак ўжо блізка. Можа і так, але ў сапраўднасці мы не ведаем. Будучыня не прадвызначаная, а шмат у чым залежыць ад таго, што кожны робіць сёння.

У любым выпадку на шляху да свабоды нас чакае яшчэ шмат іспытаў. Адным з галоўных і перманентных з'яўляецца праверка на трываласць. Яе зараз у значна больш жорсткім варыянце праходзяць украінцы. І праходзяць з гонарам.

Беларусы таксама шматкроць за апошнія гады давалі падставы для гонару. Няхай у 2026-м іх будзе яшчэ больш. Мы праходзім праз складанейшы этап нацыянальнай гісторыі з высока ўзнятай галавой. У тым ліку таму, што глядзім на пуцяводныя зоркі, сярод якіх не толькі Свабода, але таксама Справядлівасць, Мір і Дабрабыт.

Мы сталі бліжэй да ўсяго гэтага ў адыходзячым годзе і зробім новыя крокі ў наступным. Жадаем вам, дарагія чытачы, каб у 2026-м вашымі спадарожнікамі былі здароўе, поспех і мэтанакіраванасць.

Усё ў нас атрымаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)