Навумчык: Беларусь у 1991-м стала незалежнай «за кампанию»?

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра пакаленьні беларусаў, якія дорага заплацілі за беларускую дзяржаўнасьць.

– Днямі адзін вядомы чалавек напісаў, што Беларусь у 1991 годзе стала незалежнай «за кампанию», – піша Навумчык. – Падобнае, у розных варыяцыях («независимость свалилась на белорусов неожиданно, как гром с ясного неба») вы маглі чуць неаднаразова, у тым ліку і ад людзей з сусьветнай вядомасьцю, але, на жаль, з мінімальным разуменьнем нацыянальнай гісторыі.

Сяргей Навумчык

За тры дзясяткі гадоў рэжым суцэльна выпаліў праўду з сыстэмы адукацыі ад школьнай да ўнівэрсытэцкай, дзяржаўная прапаганда не спыняла енк па «развале великой страны», які шызафрэнічным чынам спалучаўся з прыпісваньнем утварэньня дзяржаўнасьці Лукашэнку (стэнаграмы сэсіяў ВС, на якіх дэпутат Лукашэнка пасьлядоўна выступаў супраць гэтай дзяржаўнасьці, схаваныя ў «спэцхран»).

У выніку ў сьвядомасьці абсалютнай большасьці насельніцтва адсутнічае разуменьне гістарычнай праўды — і пра эўрапейскае мінулае беларусаў, і пра змаганьне беларусаў за ўласную сувэрэннасьць.

Гістарычная ж праўда палягае ў тым, што абвяшчэньню Незалежнасьці 25 жніўня 1991 папярэднічалі намаганьні тысяч і тысяч беларусаў, якія на мяжы 1980-90 гадоў скарысталі тое, што цяпер прынята называць «акном магчымасьцяў».

Як скарысталі ў пачатку ХХ стагодзьдзя ўсходнеэўрапейскія народы аслабленьне Аўстра-Угорскай імпэрыі — і паспрабуйце сказаць чэхам, што ў 1918-м яны атрымалі незалежнасьць «за кампанію».

І калі мы ўжо прыгадалі чэхаў... Кажуць, што колькасьць прыхільнікаў БНФ, увогуле тых, хто ў 91-м выходзіў на плошчы з патрабаваньнем Незалежнасьці, складала добра калі 1,5-2% насельніцтва БССР.

У адказ на гэта не стамляюся нагадваць, што і ў дні «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году на Вацлаўскай плошчы ў Празе зьбіралася столькі ж (калі ня меней) ад агульнай колькасьці жыхароў тагачаснай ЧССР.

Але ў крытычныя моманты гісторыі лёс народа вырашае ягоны авангард, які заўсёды і ва ўсе часы складае меншасьць, і ў гэтым сэнсе тое быў сапраўды народны прарыў да дэмакратыі і свабоды.

Але ёсьць і ня менш важнае. Гэта тое, што гісторыя змаганьня беларусаў за Незалежнасьць вымяраецца не адным толькі 91-м годам, і нават не адным стагодзьдзем.

Пакаленьні і пакаленьні заплацілі за нашую дзяржаўнасьць жыцьцямі і кроўю, турмамі і высылкамі лепшых сваіх сыноў і дачок.

І ня варта абясцэньваць іх змаганьне і іх памяць.