Навумчык: «Ня кожная «народная рэвалюцыя» ідзе на карысьць народу»
Палітычны аглядальнік — пра аптымальны шлях для Беларусі.
— У сувязі са сьмерцю ў Маскве Вадзіма Мядзьведзева падумалася пра пэрыпэтыі позьнесавецкага пэрыяду (і ня толькі), — піша Сяргей Навумчык. — Дарэчы, ён ня быў апошнім членам Палітбюро, як пішуць (цяпер жывыя Назарбаеў і Лучынскі), але сапраўды быў апошнім, хто ўваходзіў яшчэ ў Палітбюро старога, «сталінскага» тыпу, якое мела непадзельную палітычную, эканамічную і ваенную ўладу. З 1989 (першага З’езду народных дэпутатаў СССР) Палітбюро імкліва губляла сваю вагу.

З членаў ПБ (як называлі гэты орган у колах партыйнага кіраўніцтва) мне давялося гутарыць з васьмю (Мазуравым, Гарбачовым, Аліевым, Якаўлевым, Мядзьведзевым, Сакаловым, Малафеевым і Лучынскім).
Якаўлеў і Мядзьведзеў, бясспрэчна, былі самымі інтэлектуальнымі — кнігу Якаўлева «Сумерки» раю для чытаньня, а выданьні ягонага фонду «Демократия», зробленыя ў кароткі пэрыяд адноснага рассакарэчваньня архіваў ЦК КПСС і КГБ СССР (канешне, зусім невялікай іх часткі) — неацэнная крыніца для разуменьня сапраўднай гісторыі савецкай імпэрыі.
Мядзьведзеў пакінуў мэмуары — тым больш каштоўныя, што ён, нароўні з Якаўлевым, быў ініцыятарам працэсу перабудовы.
Мушу прызнацца, што зь цягам часу я зрабіў калі не пераацэнку, дык істотную карэкцыю стаўленьня да дзеяньняў Гарбачова і ягоных паплечнікаў-рэфарматараў.
Гэтыя рэформы ў той час, калі яны праводзіліся, падаваліся мне (ды, думаю, усім прыхільнікам дэмакратыі) палавінчатымі, недастаткова рашучымі, «крок наперад — два назад». Асабліва раздражнялі няспынныя клятвы ў вернасьці «ленінскім прынцыпам» і «сацыялістычнаму выбару».
Цяпер, з вышыні і пэўнага жыцьцёвага досьведу і інфармацыі, якая стала вядомая, разумею: заяві Гарбачоў на паседжаньні Палітбюро ў якім 1987-м тое, што ён казаў пазьней — увечары апынуўся б у статусе фактычнага хатняга арыштанта на падмаскоўнай дачы, як Хрушчоў з 1964 у Пятрова-Дальнім.
Увогуле, усё часьцей бачыцца не пазбаўленым сэнсу не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны шлях разьвіцьця. Менавіта такі шлях быў аптымальны для Беларусі пасьля аднаўленьня Незалежнасьці 1991 году — з выбудовай і ўмацаваньнем дзяржаўных інстытуцыяў, эканамічнай рэформай, і галоўнае — працэсам нацыянальнага Адраджэньня.
Гадоў праз 7-10 атрымала б права голасу пакаленьне, якое склала б крытычна важную электаральную сілу і не дазволіла б вяртаньня ў імпэрскае стойла, дзе галоўная каштоўнасьць — «чарка ды шкварка».
Працэс абарваўся ўвядзеньнем прэзыдэнцтва і выбарамі 1994, якія палітолагі назвалі «народнай рэвалюцыяй».
Ня кожная «народная рэвалюцыя» ідзе на карысьць народу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное