Памерла Нэлі Ваданосава
Позна ўвечары 1 студзеня вядучая Кацярына Ваданосава паведаміла, што маці не стала.
Перад Калядамі Нэлі Ваданосава перанесла цяжкі інсульт і трапіла ў бальніцу. Пару дзён таму яе дачка, вядучая Кацярына Ваданосава, напісала, што ў маці пачалася агонія.
А позна ўвечары 1 студзеня вядучая падзялілася: «34 гады мая мама чакала сустрэчы з маім татам. Спадзяюся, яны ўжо разам. А я цяпер круглая сірата. Мама памерла».
23 снежня ў мамы Кацярыны Нэлі ў Варшаве здарыўся інсульт. Жанчыну паралізавала, яна не прыходзіла ў прытомнасць. Дактары аператыўна прыехалі, адвезлі ў бальніцу, правялі аперацыю. «Палова яе мозгу залітая крывёй. Гэта незваротна», — апісвала сітуацыю Кацярына, нагадвае Наша Ніва.
У гэты час высветлілася, што Упраўленне па справах іншаземцаў не ўнесла пажылую жанчыну ў базу застрахаваных. Кацярына тады выказала засцярогу, што рахунак за аперацыю і іншыя медыцынскія маніпуляцыі можа скласці ад дзясяткаў да сотняў тысяч злотых. Пасля гэтага хутка быў сабраны дабрачынны збор на «Байсоле» на €15 000.
Маці тэлевядоўцы больш за год таму выехала з Беларусі праз ціск з боку КДБ і падалася на міжнародную абарону. Апошнім часам яна жыла разам з сям’ёй дачкі ў Беластоку.
Увосень польская памежная служба прыняла пастанову аб яе дэпартацыі ў Літву праз бюракратычныя непаразуменні: улады не ўлічылі, што справа аб міжнароднай абароне яшчэ разглядалася і быў прызначаны суд. Пазней дэпартацыю адмянілі.
Прычынай пагрозы высылкі стала тое, што жанчына ўехала ў Польшчу з літоўскай візай. Гэта звязана з так званым Дублінскім рэгламентам, які вызначае, якая краіна нясе адказнасць за разгляд хадайніцтва аб прытулку або міжнароднай ахове.
Читайте еще
Избранное