Што вядома сёння аб знікненні Анжалікі Мельнікавай

За звесткі, пацверджаныя фактамі, аб месцазнаходжанні зніклай спікеркі КР абвешчаная грашовая ўзнагарода.

Прайшло амаль тры тыдні з моманту, калі Каардынацыйная Рада забіла трывогу аб знікненні сваёй спікеркі Анжалікі Мельнікавай. За гэты час выявілася, што яе былы муж і дзеці знаходзяцца ў Беларусі, што з акаўнта спікеркі былі спампаваныя файлы аб дзейнасці КР, а таксама што з рахункаў фонду «Białoruś Liberty», створанага Мельнікавай, была знятая нейкая сума грошай — але пэўнасці, дзе знаходзіцца сама беларуска і што з ёй адбылося, дагэтуль няма.

Сузаснавальнік ініцыятывы BYHELP Аляксей Лявончык распавёў у эфіры Еўрарадыё, што дакладна вядома на сёння.

Аляксей Лявончык

Паводле яго слоў, рэакцыі на запыт у брытанскую паліцыю пакуль што няма. І цалкам верагодна, што не будзе, бо для хуткага разгляду неабходна, каб заяву пакідаў блізкі сваяк.

Але Лявончык разглядае і іншыя магчымасці — для гэтага запушчаная ініцыятыва па збору сродкаў і абвешчана ўзнагарода для таго, хто можа паведаміць дакладна і пацвердзіць фактамі пра месцазнаходжанне Анжалікі Мельнікавай. Станам на сёння сабрана больш як €3,5 тысячы, ананімны прыватны донар абяцае падвысіць гэтую суму ўдвая.

— Што мы дакладна ведаем — што Мельнікава вылецела ў Лондан, гэта 100%, — сцвярджае Аляксей Лявончык. —  І ведаем 100%, што яна вылецела з Лондана. І хутчэй за ўсё, у маім разуменні, гэта быў той самы аб’язны маршрут, якім едуць у тым ліку людзі, хто з’язджае з Беларусі — гэта такі досыць зразумелы патэрн.

Узнікае лагічнае пытанне, калі маршрут быў праз Лондан яшчэ кудысьці, ці не ляцела яна ў Беларусь — гэтага адказу мы яшчэ не ведаем. Але дакладна ў Лондане не затрымалася.

Анжаліка Мельнікава на слуханнях у польскім Сейме. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Лявончык дадаў, што мае на мэце трымаць гэту сітуацыю ў полі ўвагі:

— І тое, што зараз працягваецца расследаванне знікнення Мельнікавай, журналістамі, у першую чаргу — я лічу, таксама вялікі плюс. Трэба матываваць людзей і далей капаць любымі спосабамі.

Я буду далей спрабаваць, каб нацыянальныя органы ў Брытаніі ўзбудзілі крымінальную справу, хоць гэта не так лёгка. Але галоўнай задачай было — звярнуць увагу на тое, што дзеяч беларускай апазіцыі знік у UK, вылецеўшы туды з Варшавы.

Дэпартамент у справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі Нацыянальнай пракуратуры Польшчы 16 красавіка распачаў следства наконт знікнення Анжалікі Мельнікавай. Як паведамілі Белсату ў ведамстве, заведзеная крымінальная справа.

Былы муж Мельнікавай Андрэй, якому Еўрарадыё патэлефанавала 16 красавіка, сказаў, што праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, бо не бачыць сэнсу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(13)