Асабіста ад сябе я хачу сказаць вялікі дзякуй байцам палка Каліноўскага, якія самымі першымі зрэагавалі і прывезлі некалькі тэлефонаў, каб людзі хоць па хвілінцы маглі звязацца з роднымі. Дзякуй, хлопцы, вы сапраўдныя!
Сувязь, меддапамога, некалькі дзён у рэжыме цішыні
Прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская распавяла дэталёва, як у Польшчы і Літве рыхтаваліся да прыёму вызваленых з вязніц беларусаў.
— Мы чакалі людзей яшчэ ў суботу, але іх павезлі ва Украіну, — зазначыла Вольга Зазулінская. — Аднак мы змаглі змабілізавацца нават на гарызантальным узроўні і вельмі хутка перабудаваліся, набылі ўсё неабходнае, каб перадаць тэлефоны, гігіенічныя сродкі, нейкія лекі і самае патрэбнае. Далучылася валантэрская арганізацыя «Сустрэча», наша прадстаўніца місіі дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна таксама адразу прыехала і мела магчымасць стасавацца з вызваленымі.
З кожным былым вязнем, дадае прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы, пагутарылі і прапанавалі абраць, у якую краіну хацелася б трапіць. Але некаторыя ў разгубленасці па некалькі разоў змянялі рашэнне. У выніку 89 чалавек засталіся ў Польшчы, 20 – прыехалі ў Літву.
Што да Варшавы, то з дапамогай шматлікіх беларускіх арганізацый і валанцёраў усе яны размешчаныя ў гатэлі, каб мець магчымасць спакойна апрытомнець, адпачыць і крыху выдыхнуць.
— Цяпер мы будзем займацца пытаннямі легалізацыі, юрыдычных кансультацый, медычнай дапамогі. Таму што ёсць людзі, якім яна патрэбная тэрмінова. Таксама зоймемся тым, каб мелі магчымасць прыехаць іх сем’і. Усе былыя палітзняволеныя на сувязі, у кожнага з іх ёсць свой ментар — чалавек, які будзе дапамагаць праходзіць крок за крокам увесь працэс легалізацыі.
…У Літве вызваленых сустракалі беларускія ініцыятывы і фонды, праваабаронцы, медыкі, дыпламаты з розных краін, Літоўскі Чырвоны Крыж. Проста зараз людзі паехалі адпачываць, таму што яны вельмі стомленыя і хочуць нейкі час пабыць у цішыні. Таму яны жывуць не ў шэлтары, а паасобку. У пытаннях легалізацыі ім пачаў дапамагаць Freedom House.
І я не перастаю казаць «дзякуй» усім гэтым людзям і арганізацыям. Гэта вялікае адчуванне шчасця і ўзаемадапамогі!







Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное